2022-02-21 18:34:08
Цяжкія ўрокі Данбаса
Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што вызначэнне таго, ці будзе вайна з тэрыторыі Беларусі, адбываецца ў Дзень роднай мовы. Чарговая нагода задумацца аб тым, для чаго патрэбныя закінутыя ідэнтычнасць, мова, культура.
Але вернемся да бягучых падзей. У агульных рысах многія ўяўляюць, што адбываецца. Ёсць канфлікт Расеі і Украіны, пры гэтам РФ не хоча Украіны ў НАТА і шантажуе татальным нападам. Але канкрэтыкі звычайна няма.
Адзін з ключавых пасылаў – «Украіна мусіць выконваць Мінскія пагадненні». Што маецца на ўвазе пад выкананнем, ўслых не прагаворваецца. Абывацельская аўдыторыя лічыць, што там нешта пра развядзенне войскаў і спыненне страляніны. Але ўсё значна цікавей.
Хто не ў кантэксце, нагадаю. Мінскія пагадненні заключаліся двойчы – у верасні 2014, пасля цяжкай паразы ўкраінскай арміі ў Ілавайску, і ў лютым 2015, пасля захопу буратамі Дэбальцава. Парашэнка падпісаў гэта, таму што трэба было спыніць кровапраліцце любой цаной і выйграць каштоўны час.
Дык вось, вакол Мінскіх пагадненняў выбудавалася вельмі складаная і супярэчлівая канфігурацыя. Па ёй Украіна абавязвалася даць мяцежным (па факце, акупаваным) раёнам Данецкай і Луганскай абласцей асаблівы статус, замацаваны ў Канстытуцыі Украіны, мясцовае самакіраванне, амністыю баевікам, і іншыя нішцякі, каб ўкраінская ўлада магла аднавіць кантроль над мяжой.
Натуральна, сур'ёзна ж ніхто гэтыя пагадненні выконваць не збіраўся – інакш Гіві, Мотарола і іншыя оркі сядзелі б у Вярхоўнай Радзе як законныя прадстаўнікі Данбаса. Малюнак нерэалістычны, асабліва пасля такой колькасці крыві. Але правыя сілы на поўным сурʼёзе абвінавачвалі Парашэнку ў здрадзе і здачы нацыянальных інтарэсаў.
Сітуацыя ўскладнялася тым, што фармулёўкі ў пагадненнях былі вельмі размытымі, і што ў якім парадку праводзіць, было не ясна. Нейкую канкрэтыку паспрабаваў унесці кіраўнік МЗС Германіі Штайнмаер, у выніку чаго зʼявілася сумнавядомая «формула Штайнмаера». Сітуацыю яна не моцна палепшыла – рознымі ўдзельнікамі яна трактавалася па-рознаму.
Трохбаковая Кантактная Група гадамі ўзгадняла пераходныя палажэнні. Спрэчкі ішлі наконт зместу праекта канстытуцыі з асаблівым статусам Данбаса, што павінна быць раней: выбары, або адвод войскаў; і гэта не лічачы кучы праблем на лініі падзелу.
Пры гэтым жаданне вярнуць страчаныя тэрыторыі ў Кіеве слабела. Услых пра гэта ніхто не скажа, але там каля 3 мільёнаў чалавек пад уплывам штучна створанай ідэнтычнасці “народы Данбаса”. Гэта дзясяткі мільярдаў долараў на аднаўленне разбуранай інфраструктуры і датацыі стратнай эканоміцы рэгіёну. Агулам гэта ўсё не спрыяе паспяховай рэінтэграцыі.
Калі падсумаваць сказанае, то атрымліваецца наступнае. РФ імкнецца ўпіхнуць акупаваныя тэрыторыі назад ва Украіну, захоўваючы кантроль над імі па Менскіх дамовах, і такім чынам, над усёй краінай. Украінцы, у сваю чаргу, ад гэтага адбіваюцца, дэкларуючы сваё жаданне вярнуць страчаныя землі, але на сваіх умовах.
Такім чынам, атрымаўся Гордзіеў вузел, які зараз Крэмль спрабуе рассекчы. І ўсё вядзе да таго, што такім рашэннем стане прызнанне незалежнасці «ЛНР» і «ДНР».
Гэта абнуліць і невыканальныя Менскія дамовы, і нармандскі фармат. Расія атрымае статус імперыі і магчымасць «афіцыйна» трымаць там свае войскі, Украіна – статус ахвяры, Захад – падставу ў’ябаць яшчэ санкцыямі. Пры гэтым сітуацыя на зямлі застанецца нязменнай, бо войскі там стаяць ужо 8 гадоў. А вялікай вайны ўдасца пазбегнуць. Пра гэта яшчэ добра напісаў Рэфлексія і рэакцыя.
Цалкам імаверна, што ўся эпапея з эскалацыя і задумвалася для прызнання ЛДНР. Калі так, то гэта цалкам звычайная расейская тактыка – давесці градус да абсурду з невыканальнымі патрабаваннямі, пасля адгрызці малое, і каб усе гэта ўспрынялі з палёгкай на фоне больш значнай пагрозы.
Не буду хаваць сваёй злараднасці ад таго, што РФ панясе ўсю адказнасць за разбураны Данбас. Крэмлядзь заварыла гэтую крывавую кашу, так няхай расхлёбвае наступствы. Адзіныя, каго шкада, тых украінцаў, хто страціў свой дом, і хто страціў жыццё, спыняючы наступ. Гэта урок для нас. Як маючы свой дом і дзяржаву, можна страціць усё.
Тэматычны трэк.
6.7K views15:34