Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

ЗАЯВА ZUBR ПА 'РЭФЕРЭНДУМУ' 25.02.2022 БЕЛАРУСЫ СУПРАЦЬ ВАЙНЫ | ZUBR

ЗАЯВА ZUBR ПА "РЭФЕРЭНДУМУ"
25.02.2022

БЕЛАРУСЫ СУПРАЦЬ ВАЙНЫ

Тэрыторыя і ваенныя сілы Беларусі ўцягнутыя ў вайну па капрызе двух дыктатараў – расійскага і беларускага. Знешняя вайна для іх у тым ліку фактар, які адцягвае ўвагу людзей ад іх злачынстваў супраць уласных грамадзян.

Не прызнаны ні беларусамі, ні сусветнай супольнасцю Лукашэнка працягвае праводзіць "рэферэндум па папраўках у Канстытуцыю" па ўказцы Пуціна. Гэты "плебісцыт" – адно з фармальных прыкрыццяў агрэсіўнага ваенна-палітычнага саюза абедзвюх дыктатур і здачы Беларусі пад расейскую акупацыю.

Людзей па-ранейшаму заганяюць на датэрміновае галасаванне: па паведамленні ЦВК, за першыя чатыры дні на ўчасткі быццам бы прыйшлі ажно 38,81% грамадзян!

Што ж. Усё большай робіцца адказнасць усіх, хто па інэрцыі займаецца і гэтай вар'яцкай фальсіфікацыяй яўкі, і іншымі махінацыямі. Цяпер яны — памагатыя міжнародных вайсковых агрэсараў, якія замахнуліся спачатку на свабоду і правы сваіх народаў, а ў апошнія дні – на межы і бяспеку свабоднай дэмакратычнай Украіны.

ZUBR працягвае прымаць і апрацоўваць паведамленні пра тое, што адбываецца на ўчастках у Беларусі, і пратаколы вынікаў з "рэферэндуму", што вы дасылаеце ў чат-бот.

Статыстыка самых распаўсюджаных парушэнняў на ўчастках за перыяд з 22 па 25 лютага:

невыкананне ўмоў для забеспячэння таямніцы галасавання — 160,
невыкананне санітарных нормаў на ўчастку — 72,
пазбаўленне права голасу — 26,
прымус да галасавання — 26.

Нагадаем, што самае важнае, што кожны можа рабіць прама цяпер — не маўчаць.
Распавядайце блізкім і знаёмым праўду пра тое, што Беларусь ператварылі ў саўдзельніка шырокамасштабнага нападу Расеі на Украіну.
Пагаварыце са сваякамі-вайскоўцамі: пераконвайце іх не ўдзельнічаць у агрэсіі супраць украінцаў.
Распавядайце ўсім, чаму вы супраць гэтага "рэфэрэндуму" і гэтай вайны.

Беларусы бачаць, як гінуць ва Украіне мірныя людзі і героі, якія абараняюць радзіму ад нападу. Беларусы не хочуць вайны. Беларусы супраць дзеянняў дыктатара Лукашэнкі. Беларусы змагаюцца і будуць змагацца з гвалтам і хлуснёй.

Слава Україні! Героям слава!
Жыве Беларусь!

Заява ZUBR на рускай мове:
https://zubr.in