Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Заява аператыўнага штаба дэмакратычных сілаў 24 лютага 2022 г | ZUBR

Заява аператыўнага штаба дэмакратычных сілаў

24 лютага 2022 года Расія выкарыстала тэрыторыю Беларусі для нападу на краіны. Гэта значыць, што зноў была парушаная Канстытуцыя краіны, а менавіта прынцыпы вяршэнства і паўнаты ўлады на сваёй тэрыторыі, самастойнага ажыццяўлення ўнутранай і знешняй палітыкі, роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы ці пагрозы сілай, непарушнасці межаў.

Лукашэнка, Міністэрства абароны, Генеральны штаб і Савет Бяспекі зрабіліся дапамагатымі агрэсара. Яны падвяргаюць пагрозе жыцці грамадзян Беларусі, таму неабходна дзейнічаць і не аддаваць будучыню нашай краіны ў чужыя рукі.

Святлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе адказнасць за абарону незалежнасці і нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і фармуе пераходны кабінет як нацыянальны орган улады. Аператыўны штаб дэмакратычных сілаў падтрымлівае яе ў гэтым рашэнні як нацыянальнага лідэра, прадстаўніка беларускага народа, абранага большасцю на выбарах 2020 года.

Мы заклікаем усіх грамадзян нашай краіны падзяліць гэтую адказнасць і рабіць усё магчымае, каб спыніць вайну і абараніць незалежнасць Рэспублікі Беларусь.
Ілжывы рэжым Лукашэнкі спрабуе выдаць вайну за мір, і адначасова правесці незаконны “рэферэндум”, каб змяніць Асноўны закон краіны, які ён сам ужо не раз парушаў.
Пачатак вайны мяняе не толькі жыцці тых, хто непасрэдна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Вайна мяняе і планы тых, хто імкнецца да ўстойлівага развіцця і росквіту.

Правядзенне "рэферэндуму" ва ўмовах вайны недапушчальна. Але мы разглядаем 27 лютага, асноўны дзень галасавання, каб выказаць свой пратэст супраць рэжыму, які ўцягнуў Беларусь у ваенны канфлікт.

Відавочна, што “новая Канстытуцыя” яшчэ больш развяжа Лукашэнку рукі для ўсталявання ваеннай дыктатуры, размяшчэння на нашай тэрыторыі ядзернай зброі, агрэсіі супраць іншых краін і знішчэння надзеі на светлую будучыню нашых дзяцей.

Цяпер рэжым вядзе інфармацыйную вайну і супраць свайго народа, пераконваючы ў сваёй недатычнасці да гібелі ўкраінцаў. Таму вельмі важна, каб кожны і кожная з нас здолелі данесці да калег, сяброў і блізкіх жахлівую сутнасць таго, што адбываецца. Паказвайце салідарнасць, дапамагайце адзін аднаму і разам абмяркоўвайце, якія крокі мы можам зрабіць для абароны нашых сем'яў, для абароны незалежнасці Беларусі, каб лепш падрыхтавацца да сцэнароў, якія яшчэ ўчора здаваліся немагчымымі.