2021-07-14 17:11:44
ТОЛЬКІ САЛІДАРНАСЦЬ: ЗБС ПРА ЦІСК НА ГРАМАДЗЯНСКУЮ СУПОЛЬНАСЦЬ
Па стане на 16:30 14 ліпеня сілавікі правялі ператрусы не меньш як у 43 арганізацыях і чалавек. 12 праваабаронцаў і актывістаў затрыманыя ці знаходзяцца на допыце. Сярод іх людзі, якія доўгі час абаранялі нашыя з вамі правы, правы студэнцтва.
Дзякуючы «Вясне» кожны студэнт ведае, куды тэлефанаваць, калі не дачакаўся сябра з мітынга, калі ў дзьверы грукаюцца невядомыя, калі няма, да каго звярнуцца па дапамогу.
Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда, Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі і іншыя заўжды стаялі на баку незалежнага студэнцтва, якое прагне свабоды і хоча лепшай будучыні для сябе і Беларусі. Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый падтрымліваў беларускую акадэмічную супольнасць у памкненні да павышэння якасці вышэйшай адукацыі.
Гэтыя людзі самааданна працавалі з года ў год і верылі, што аднойчы іх праца дасць вынік – прынясе ў Беларусь моцнае грамадства, якое ведае, што рабіць, калі яго правы парушаюць.
Сёння гэтыя людзі пад пагрозай. Ва ўмовах татальных рэпрэсіяў з боку афіцыйных уладаў, катаванняў у турмах і небяспецы на вуліцах, кожны з іх – закладнік.
Закладнікаў трэба патрабаваць назад. Салідарнасць – наш адзіны адказ на жорсткія і беспрынцыпныя дзеянні акупацыйнага рэжыму Беларусі.
1. Мы павінны не пераставаць верыць.
2. Дапамагаць палітычным зняволеным і іншым незаконна асуджаным.
3. Маем будаваць вакол сябе супольнасць аднадумцаў, падтрымліваць сяброўскія стасункі з суседзямі, распавядаць і абмяркоўваць навіны са сваімі знаёмымі. Рыхтаваць сілы і сеткі на тое імгненне, калі ўсё гэта моцна спатрэбіцца.
Беларусь жыве, пакуль жыве нашая вера ў саміх сябе.
167 viewsedited 14:11