Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Затрыманне і суд над студэнтам БДУІР Сёння ў Цэнтральным суд | ЗБС | Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў

Затрыманне і суд над студэнтам БДУІР

Сёння ў Цэнтральным судзе горада Мінска адбывалася судовае паседжанне над студэнтам БДУІР і нашым добрым сябрам Міхасём Клачковым. Ён быў затрыманы 13 верасня на Маршы герояў, моцна збіты пры затрыманні, пасля яго даставілі ў Цэнтральны РАУС.

Міхась асуджаны па частцы 1 артыкула 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь (удзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве) да арышту ў 10 сутак.

Што было на судзе?

Аб часе судовага паседжання стала вядома за 40 хвілін. Чыста фізічна адсутнічала магчымасць запрасіць да ўдзелу ў паседжанні адваката.

Суд адбываўся анлайн, праз скайп. Прысутныя не мелі магчымасці бачыць Міхася і яго фізічны стан — ноўтбук быў у суддзі. Таксама і Міхась не меў магчымасці бачыць людзей, якія прыйшлі яго падтрымаць.

Міхась прызнаў сваю віну ва ўдзеле ў мітынгу. Суддзя сказала, што яму ўмяняецца ўдзел у шэсці. На пытанне, ці ёсць адрозненні ў гэтых фармулёўках, суддзя адказала станоўча, але не патлумачыла, у чым.

Сведка — супрацоўнік міліцыі — таксама прысутнічаў анлайн. Суддзя патлумачыла, што ў сувязі з ціскам на супрацоўнікаў і пагрозамі ў адрас іх сем'яў, усе ідэнтыфікацыйныя дадзеныя сведкі будуць зашыфраваныя. Сведка быў у масцы і прадставіўся Івановым Іванам Іванавічам. На пытанні "дзе, як і а якой гадзіне быў заўважаны Міхаіл Сяргеевіч Клачкоў" ён адказаў, што гэта было даўно і ён не памятае. На пытанне Міхася "ці памятаеце, як я быў апрануты" ён адказаў так жа — не памятаю.

Перад сыходам суддзі для прыняцця рашэння Міхась заяўвіў, што быў збіты супрацоўнікамі Цэнтральнага РАУСа, якія намагаліся атрымаць дасяг да яго тэлефона і дадзеных тэлеграма. Па яго словах, супрацоўнікі вывелі яго ў тамбур і збівалі да таго моманту, пакуль ён не страціў прытомнасць. Пасля гэтага а 22 гадзіне яго акаунт у Тэлеграме быў пазначаны ў рэжыме "анлайн".

ЗБС асуджае катаванні і перавышэнне паўнамоцтваў унутранымі органамі ў дачыненні да студэнцтва і ўсіх жыхароў краіны.
Мы выступаем супраць ціску на мірных дэманстрантаў і прымянення сілы і спецсродкаў для іх.

Мы нагадваем, што права на таямніцу карэспандэнцыі, свабода сходаў, свабода ад катаванняў , права на справядлівы суд гарантаваныя нам Канстытуцыяй.
Заклікаем спыніць ціск на студэнцтва, а таксама мірных пратэстоўцаў.