Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Даглядзеў у запісе матч Суперкубка Беларусі. Па змесце здалося | Дзмітрый Сіняк – аб жаночым футболе

Даглядзеў у запісе матч Суперкубка Беларусі. Па змесце здалося нядрэнна для сакавіка, але гук трансляцыі прыйшлося ўсё ж такі выключыць. Не мог слухаць, што, аказваецца, каманды гуляюць на пляцоўцы, а не на футбольным полі, а ў «Дынама-БДУФК» увогуле няма легіянераў. І гэта на трэцім годзе працы каментатараў на жаночым футболе ды яшчэ ў матчы-адкрыцці. Ганьба. Гляджу, у Беларусі дэфіцыт кадраў утвараецца паўсюль.

«Дынама-БДУФК» як звычайна гуляла ў свой футбол (здзівіла хіба што з'яўленне Паповай у ролі апорнага паўабаронцы), а «Мінск» зноў вырашыў паказаць нешта новае (ну ці проста я даўно не глядзеў матчы «гараджанак»). Пышнік абраў нехарактэрную для сваёй каманды схему 4-4-2. Часам яна выглядала эфектыўна супраць суперніка – паклаўшы руку на сэрца, «Дынама-БДУФК» амаль нічога не стварыла каля варот Гразновай. Аднак не скажу, што не было праблем у самога «Мінска»: у цэнтры поля не хапала хуткасці (пры 4-4-2 гэта вельмі важна), а чацвёрка наперадзе (Васкабовіч-Кіксанен-Хотырава-Сураўцава), на мой густ, не заўсёды паспявала з дыяганальнай падстрахоўкай ды ціскам на суперніц. У другім тайме Пышнік актыўна тасаваў спалучэнні наперадзе (здаецца, Кіксанэн паспела з'явіцца там на ўсіх пазіцыях) і па выніку перайшоў на тры абаронцы – асабліва не дапамагало, але рахунак у дададзены час пасля вуглавога ўсё-такі зраўнялі. А ў серыі пенальці каманда Малеева зноў апынулася крыху майстравіцей.

«Дынама-БДУФК» з перамогай, а «Мінску» прапаную не смуціцца. Думаю, у сезоне-2023 нас чакае самая ўпартая чэмпіёнская бітва за апошнія гады. Як мінімум, «Дынама-БДУФК» сёння не пераканала, што яно сапраўды мацнейшае за «Мінск». Паглядзім, што атрымаецца на дыстанцыі.