Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Выбачыце, але зноў не пра футбол, хаця не раз заракаўся, што а | Дзмітрый Сіняк – аб жаночым футболе

Выбачыце, але зноў не пра футбол, хаця не раз заракаўся, што акрамя яго тут нічога не будзе.

Гэтай ноччу не спіцца. Год вайны. Год, які шмат для каго доўжыцца вечнасць. Год, які згуртаваў 40-мільённы ўкраінскі народ. Год, які адабраў родных ды сяброў. У тым ліку і ў мяне. Год, які змяніў шмат чаго на доўгі час. Калі не ўсё і не назаўжды.

Перачытаў пост, які апублікаваў тут роўна год таму, за некалькі гадзін да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Тады да апошняга спадзяваўся, што вайна не распачнецца і родная Беларусь не будзе прымаць у ёй удзел. Надзея памерла апошняй...

24 лютага, апублікаваўшы пост у раёне трох ночы, лёг спаць, каб прачнуцца праз гадзіны дзве. У Львове я да гэтага чуў сірэны некалькі разоў. Да вайны тут іх часам уключалі для праверкі, на ўсялякі выпадак. Аднак тады раніцай усе разумелі, што ўжо ўсё сур'ёзна. Вайна.

Мне складана ўявіць, што тады рабілася на ўкраінскіх межах на поўначы, усходзе і поўдні Украіны. Дзе гінулі смелыя ўкраінскія хлопцы, якія спынялі ворага коштам уласных жыццяў. Дзе гінула ні ў чым невінаватае мірнае насельніцтва, якое нібы прыйшлі вызваляць незразумела ад каго. Дзесьці ў глыбіні душы да гэтага часу не магу паверыць у тое, што адбылося. І нічога акрамя сораму не адчуваю. Тады нашыя праблемы, купкі львоўскіх беларусаў, у першыя дні вайны здаваліся нейкімі дробязямі. Хаця тут таксама (і да гэтага часу) адбываліся ракетныя ўдары, а па начах бегалі расійскія дыверсанты.

Калі шчыра, не ведаю чым скончыць свае словы. Спадзяюся, роўна праз год у гэтую ноч будзе вялікі дзень смутку. Дзень смутку вайны, якая ўжо скончылася ды ў якой перамог украінскі народ. Усё абавязкова будзе.

А пакуль зраблю рэпост таго самага паста, які не страціў актуальнасць.