Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

«Минск-Новости» паведамляюць, што ў Партызанскім раёне сталіцы | Менскі ўрбаністычны

«Минск-Новости» паведамляюць, што ў Партызанскім раёне сталіцы плануюць абсталяваць экатрапу з магчымасцю прайсці частку маршруту басанож. Прадугледжаны і парэнчы, што, як упэўнена адміністрацыя раёна, дапаможа атрымаць новы тактыльны вопыт і наведвальнікам з парушэннем зроку.

Каманда Менскай ўрбаністычная платформы заўсёды падтрымлівае ідэі добраўпардкавання і догляду за зялёнымі кропакамі гораду, асабліва калі яны ўлічваюць патрэбы ўразлівых групаў. Але такія вырашэнні павінны быць якасна спраектаваны, паўмеры ў такім выпадку зусім не падыходзяць.

У артыкуле мы не знайшлі праекту добраўпарадкавання, таму мы прапануем нашыя нататкі наконт таго, што важна не ўпусціць пры рэалізацыі падобных праектаў .

Каб узбагаціць якасны інклюзіўны досвед карыстання экасцежкай, нядосыць забяспечыць парэнчамі толькі яе частку. Важна падумаць аб усім працэсе карыстання аб'ектам: ад моманту, як і дзе чалавек з парушэннямі зроку даведаецца пра яе, як на яе трапляе і да моманту выхаду са сцежкі.

Важна забяспечыць магчымасць самастойнага незалежнага карыстання без неабходнасці старонняй дапамогі. Пры такім падыходзе ў праекце з'явіцца мноства новых элементаў: тактыльныя паказальнікі і карты, інфармацыйныя пано, як на ўваходах, так і ў месцах назірання за прыродай, гукавыя дэманстрацыі і даведнікі, тактыльныя стужкі, якія асістуюць пры пошуку маршруту. Абагацяць досвед духмяныя травы і хмызнякі, размешчаныя на ўзроўні дасяжнасці, што дазволіць наведвальнікам з парушэннямі зроку вывучыць навакольны парк з дапамогай тактыльных і нюхавых рэцэптараў.

Для большай інклюзіўнасці варта паклапаціцца і аб наведвальніках з парушэннямі апорна-рухальнага апарата - гаворка ідзе аб перавазе роўных паверхняў для спацыраў, мінімізацыі колькасці прыступак, разнастайнасці лаваў і месцаў адпачынку, прыстасаваных для людзей з рознымі патрэбамі. Таблічкі з інфармацыяй, напісанай простай мовай, дапоўненыя ілюстрацыямі, зробяць месца зручнейшым для яшчэ большай колькасці ўразлівых наведвальнікаў.

Падзел дзіцячых пляцовак па ўзростах — папулярнае вырашэнне, але не варта ігнараваць арганізацыю пляцовак, якія падыходзяць для розных узроставых груп адначасова. Гэта будзе карысным для бацькоў з некалькімі дзецьмі рознага ўзросту, а таксама дапаможа дзецям, якія маюць зносіны ў дзіцячых садках і школах у асноўным з аднагодкамі, навучыцца сацыялізавацца і сярод дзяцей розных узростаў. Гэта могуць быць проста лужайка для адпачынку, элементы геапластыкі ці проста абсталяванне, не прывязанае да ўзросту.

Экалагічнасць сцежкі падтрымаюць канструктыўныя вырашэнні ў выглядзе насцілаў ці памостаў, дзякуючы якім можа быць мінімізаваны ўплыў на прыроду. Павага да біяразнастайнасці і да натуральных прыродных працэсаў (тут мы маем на ўвазе невыкошванне травы, захаванне сталых дрэў і г.д.) таксама зробіць месца больш экалагічным.

Застаецца спадзявацца, што ў адміністрацыі раёна прапаведуюць падобныя каштоўнасці і падыходы да праектавання грамадскіх прастораў.