Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Наўздагон папярэдняму пасту пра крыж і танк пасярод кальцавой | Менскі ўрбаністычны

Наўздагон папярэдняму пасту пра крыж і танк пасярод кальцавой развязкі ў Полацку нам пішуць: «Спрашивают — это уже прорыв в наше то время :)».

З падзякай за гэты каментар разважаем, наколькі запрашэнне абраць з двух варыянтаў — гэта прарыў, і што можа зрабіць сітуацыю больш падобнай на выбар.

Звычайна ў партысіпатыўным планаванні запыт на думкі гараджан ці запрашэнне да дыскусіі накіраваны на павышэнне якасці рашэнняў. Кіраўнікі, мэнэджэры, планавальнікі могуць бачыць больш рознабакова сітуацыю і паглыбляцца ў праблему і, як вынік, прапаноўваць больш адпаведныя і чутлівыя да канкрэтнага месца і запытаў насельніцтва рашэнні задач.

У той жа час, партысіпатыўныя інструменты, такія як, напрыклад, апытанкі, выкарыстоўваюцца таксама дзеля падтрымкі і падвышення грамадзянскай легітымнасці розных рашэнняў ці праектаў. Удзел грамадзян (ці яго бачнасць) служаць розным мэтам.

Вядома, полацкі кейс далёкі ад дэмакратычнага працэсу прыняцця рашэнняў, дзе думка гараджан сапраўды можа змяніць нечыя планы. У гэтым выпадку адміністрацыя запытваецца ў гараджан, пасля таго як:
1. было абрана што ўпрыгожваць;
2. было абрана дзе ўпрыгожваць;
3. былі распрацаваны 2 варыянты упрыгожвання.

Аднак, калі ўжо ўпраўленцам цікавая думка гараджан — яе варта збіраць такім чынам, каб не выклікаць у людзей страх. Пакідаць каментары да паста афіцыйнай асобы пад сваім нікам у Інстаграме ў Беларусі 2022, нажаль, страшнавата. Нядзіўна, што пры 750 падабайках ніводнага каментара там не з’явілася (не думаем, што ў прыват дзяржслужбоўцу даслалі нашмат больш адказаў).

Можна, напрыклад, пакінуць спасылку на ананімную гугл-форму для апытання — і даведацца, што людзі сапраўды думаюць пра наяўныя варыянты з крыжом і танкам. Нават калі вынікі апытання не публікаваць — проста для ўласнай абазнанасці ў тэме. Такое бяспечнае для ўлады «абмеркаванне» адпавядае ніжэйшаму ўзроўню лесвіцы партысіпацыі Шэры Арштэйн — маніпуляванню. Што тычыцца наяўных двух варыянтаў, то абодва хутчэй транслююць ідэалогію, чым упрыгожваюць асяроддзе.

Разам з тым, у прапанове гараджанам выказацца ёсць калі не прарыў, то пазітыўны знак. Сістэма прынамсі спрабуе падавацца блізкай да гараджан, дэмакратычнай, адкрытай да крытыкі і удзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў. Гэта збольшага імітацыя, але — fake it till you make it. Каб пасадоўцы навучыліся слухаць, трэба гаварыць — а значыць, полацкі кейс дае нагоду выказаць меркаванні. Калі ёсць магчымасць удзельнічаць, якой бы недасканалай яна не была, трэба казаць кіраўнікам, што мы думаем наконт прапаноў. У гэтым і іншых падобных выпадках.