2022-11-04 21:20:26
Кожны куток беларускай зямлі захоўвае памяць аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялiкай Айчыннай вайны.
Так, вучні 9 “Б”, 9 ”В” і 7 ”М” класаў, якія падарожнічалі 3 лістапада ў горад Полацк, наведалі Мэмарыяльны комплекс памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пяскі».
Абарона горада ў чэрвені-ліпені 1941 года стала адным з нямногіх прыкладаў працяглага супрацьстаяння ў пачатковы перыяд вайны і працягвалася амаль тры тыдні. Нямецкія войскі, якія ўвайшлі ў горад, усталявалі жорсткі акупацыйны рэжым і ў жніўні 1941 года стварылі на тэрыторыі Полацка два лагера для савецкіх ваеннапалонных: ДУЛАГ-155 і ДУЛАГ-125.
Ад нечалавечых умоў утрымання, здзекаў, голаду, інфекцыйных хвароб на тэрыторыі лагера штодня памірала ад 80 да 200 чалавек. Усе яны знаходзілі свой апошні прытулак у месцы пад назвай "Урочышча Пяскі". Туды ж прывозілі для расстрэлу падпольшчыкаў і партызан. На іншым краі ўрочышча Пяскі размяшчаўся лагер для мірнага насельніцтва. Ён праіснаваў з 1942 года да красавіка 1944 года. Вязні лагера выконвалі непасільныя працы, а тых, хто выбіваўся з сіл, збівалі палкамі. Для застрашвання людзей акупанты перыядычна праводзілі публічныя пакаранні смерцю. Усяго, па дадзеных з розных крыніц, за час акупацыі Полацку ва ўрочышчы Пяскі было знішчана і пахавана прыкладна ад 40 да 100 тысяч савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў.
У Дзень памяці і смутку 22 чэрвеня 2020 года быў адкрыты мемарыяльны комплекс памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пяскі».
Нашы вучні ўважліва слухалі экскурсавода, ушанавалі памяць ахвяр фашызму хвілінай маўчання, усклалі кветкі. Пазванілі ў калакалы.
Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым! Каб памяталі.
62 views18:20