Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Як і заўсёды, распавядаем, што адбывалася на мінулым тыдні 1 | ЗБС | Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў

Як і заўсёды, распавядаем, што адбывалася на мінулым тыдні

18-гадовага Рамана Карпука, студэнта першага курса БрГУ, асудзілі да 3 гадоў калоніі за тое, што падчас рэферэндуму ён дасылаў лісты членам выбарчых камісій з заклікам падлічваць галасы сумленна.

На волю выйшаў студэнт 4 курса ГДТУ Ілля Сілянкоў. Ён цалкам адбыў свой тэрмін у 1,5 гады «хіміі» за нібыта абразу Лукашэнкі ўлёткамі з ягонай выявай і надпісамі.

Пайшоў з жыцця вядомы матэматык, загадчык і прафесар кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі фізічнага факультэта БДУ Валянцін Русак.

У Фаніпалі быў затрыманы Ягор Круглік, студэнт 4 курса стаматалагічнага факультэта БДМУ разам з яшчэ 2 чалавекамі. Па меркаванню ГУБАЗіКа і СОБР, хлопцы ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 і «груба парушалі парадак».

Першы прарэктар БДУ «сышоў на пенсію». Дзмітрый Мядзведзеў, чый подпіс стаіць пад палітычна матываванымі паведамленнямі пра непрацяг кантрактаў і звальненні. Акрамя гэтага, ён выступаў сведкам з боку БДУ ў судах па незаконных звальненнях выкладчыкаў.

Беларуская студэнцкая суполка Ўроцлава абвясціла набор у шэрагі "Студэнцкай Прысутнасці". Заяўку можна запоўніць тут.

Настаўніца музычнай школы з Ліды Аксана Каспяровіч трапіла ў спіс экстрэмістаў.

Студэнт ГрДУ імя Я. Купалы Аляксей Багдзей быў прызнаны палітзняволеным. Ён быў асуджаны за меркаваную арганізацыю масавых гвалтоўных беспарадкаў.

26 жніўня Аляксандр Загдай, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, адзначыў свой Дзень народзінаў за кратамі.

Крыніцы: dissidentby, Вясна / Правы чалавека ў Беларусі, Рупар БДМУ/ Рупор БГМУ, Вольны БДУ, Студэнцкая Прысутнасць