Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Пяць чалавек у адным карцары, на суд — у кайданках. Былому міл | Полацк / Наваполацк LIVE

Пяць чалавек у адным карцары, на суд — у кайданках. Былому міліцыянту Емяльянаву ўжо двойчы прысудзілі "суткі"

20 траўня затрымалі былога міліцыянта Ягора Емяльянава, які адмовіўся ў жніўні ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся з міліцыі. За тыдзень да затрымання Ягор даў інтэрв'ю TRIBUNA.BY, а 19 траўня на "Белсаце" выйшаў відэаматэрыял пра сілавікоў, у якім Ягор таксама прыняў удзел. Ужо 20 траўня супрацоўнікі міліцыі прышлі па Ягора на яго працоўнае месца — у сталічны фітнэс-цэнтр.

21 траўня прайшоў першы суд над Емяльянавым у судзе Савецкага раёна. Справу разглядзеў суддзя Сяргей Шаціла, але пасля заканчэння працоўнага дня — у 18:10.

Па словах Ягора, у 18:00 яго чакаў кліент на запланаванай трэнероўцы, але два супрацоўнікі ў цывільным сарвалі яе, "прапанаваўшы" праехаць з імі ў Савецкі РУУС для "ўдакладнення нейкіх дадзеных па яго фотаробату". Пасведчанне паказаў толькі адзін з іх — супрацоўнік наркакантролю.

Але ва ўпраўленні супраць мужчыны склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП, згодна з якім 20 траўня Ягор "у 18:00 каля крамы "Суседзі" наўмысна з хуліганскіх памкненняў абразліва чапляўся да грамадзян, нецэнзурна лаяўся ў іх адрас, на заўвагі не рэагаваў, чым парушыў спакой грамадзян".

На думку аднаго з міліцыянтаў, якія выступілі на судзе ў якасці сведак, непадпарадкаванне Ягора доўжылася менш за хвіліну. Сведка нават не чуў ніякіх выказванняў з боку затрыманага, але дакладна памятае, што яны былі нецэнзурныя

У выніку, суддзя Шаціла арыштаваў экс-міліцыянта на 15 сутак, адхіліўшы ўсе хадайніцтва адваката.

Але 24 траўня справа Емяльянава зноў з'явілася ў раскладзе суда. На гэты раз яе разглядала суддзя Алена Жуковіч. Суд пачаўся пасля заканчэння працоўнага дня:
— Судовае паседжанне працягнутае. Што гэта ў Вас на руках?
— Кайданкі.
— У сувязі з чым?
— У сувязі з тым, што я былы супрацоўнік. Яны палічылі, каб я больш памучаўся…


Суддзя Жуковіч абурылася і паклікала супрацоўнікаў РУУСа, каб яны знялі іх на час судовага працэсу.

Новы пратакол па арт. 24.3 КаАП на экс-міліцыянта склалі 20 траўня ў 18:20, то бок праз 20 хвілін пасля першага "правапарушэння". Па пратаколе, "будучы ўжо затрыманым, Емяльянаў адмовіўся прайсці ў Савецкі РУУС і спрабаваў уцячы, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі". Па словах Ягора, ён нават не ведаў, што быў затрыманы амаль да прыезду ў ЦІП на Акрэсціна.
Віны сваёй ён не прызнаў і дадаў:
— Я 17 гадоў служыў у міліцыі і ведаю, што можа быць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, таму я гэтага не здзяйсняў.

Сведка-міліцыянт, як заўсёды, распавядаў пра тое, што быў у форменным абмундзіраванні і аб нязгодзе затрыманага прайсці за ім у будынак РУУСа. Паказанні Емяльянава кардынальна адрозніваюцца ад паказанняў сведкі.

Адвакат хадайнічаў аб далучэнні відэа, на якім відаць, што ў паказаны час Ягор разам з людзьмі ў цывільным ішоў добраахвотна, не здзяйсняючы хуліганства. Суддзя Жуковіч адхіліла хадайніцтва, палічыўшы, што яно не адносіцца да справы.

Для суддзі Жуковіч доказаў у матэрыялах справы аказалася дастаткова, таму яна асудзіла Емяльянава яшчэ на 15 сутак. Агулам экс-міліцыянт правядзе за кратамі 30 сутак.

Таксама стала вядома, што Ягора змясцілі ў бетонны карцар, у якім акрамя яго сядзяць яшчэ чатыры чалавекі.