Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Суполка ТБМ 'Варта' на гістфаку БДУ: У Нацыянальным гістарычны | Comm Беларусь

Суполка ТБМ "Варта" на гістфаку БДУ: У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адшуканы запіс аб нараджэнні Маршала Савецкага Саюза і Маршала Польшчы Канстанціна Ракасоўскага
Згодна са знойдзеным запісам, хлопчык Канстанцін, сын двараніна Ксаверыя Вікенцьевіча Ракасоўскага, рымска-каталіцкага веравызнання, і яго жонкі Антаніны Іванаўны, праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся 3 (15) верасня 1889 г., а 4 (16) 1889 г. быў ахрышчаны ў Свята-Троіцкай Целяханскай царкве (Целеханы гэта Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) . Атрымліваецца, Канстанцін Ракасоўскі быў на пяць ці нават на сем гадоў старэйшым, чым гэта было занатавана ў пазнейшых дакументах.
Даследчыкам было вядома, што маці будучага маршала Антаніна Аўсянікава, якая памерла ў 1911 г., была родам з Целяханаў. Аднак ніхто не мог падумаць, што ў гэтым жа мястэчку нарадзіўся і сам Канстанцін. Архівісты правялі далейшыя пошукі і высветлілі, што носьбіты прозвішча Аўсянікаў з’явіліся ў Целяханах даволі позна. Такое прозвішча, напрыклад, не зафіксавана ў рэвізскіх сказках за 1850 і 1858 гг. па маёнтку Целяханы Пінскага павета, які ў той час належаў вядомаму роду Пуслоўскіх. У метрычных кнігах Целяханскай царквы за 1860–1870-я гг. запісу аб нараджэнні Антаніны Іванаўны Аўсянікавай мы таксама не знаходзім. Аўсянікавы (альбо Аўсянікі) пачалі сустракацца тут толькі з 1880-х гг. Далей было высветлена, што ў 1850 і 1858 гг. на тэрыторыі Пінскага павета прозвішча Аўсянік зафіксавана толькі сярод жыхароў в. Франапаль, якая адносілася да маёнтка Кужылічын, што належаў тым самым Пуслоўскім. Аднак, ні Антаніны, ні яе бацькі Івана ў спісах 1850 і 1858 гг. няма. Як высветлілася далей, Аўсянікі не з’яўляліся карэннымі жыхарамі Франапаля. Усё франапальскія Аўсянікі былі пераведзены сюды Пуслоўскімі ў 1845 г. з маёнтка Туляцічы суседняга Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Найверагодней, менавіта адтуль і паходзіла маці будучага маршала.

Крыніца: https://niab.by/newsite/by/kanstancin-rakasouski