Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Сустрэча з бацькамі беларускіх школьнікаў Літвы: пра што ішла | Светлана Тихановская

Сустрэча з бацькамі беларускіх школьнікаў Літвы: пра што ішла гаворка?

Святлана Ціханоўская сустрэлася з групай бацькоў беларускіх школьнікаў, якія выступілі з ініцыятывай стварэння новых пачатковых класаў з беларускай мовай навучання ў Вільні. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі дарадца па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова і дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава. Падчас размовы была абмеркаваная неабходнасць праграмаў інтэграцыі для беларускіх дзетак у Літве, курсы літоўскай мовы для настаўнікаў і стварэнне падручнікаў на беларускай мове.

У прыватнасці, бацькі звярнуліся да беларускай лідаркі з заклікам падтрымаць намаганні па адкрыцці новых пачатковых класаў у Скарынаўскай гімназіі. Гэтая ўстанова – сёння адзіная школа ў Літве, дзе навучанне адбываецца на беларускай мове. Пры гэтым дзеці вывучаюць і літоўскую, і іншыя замежныя мовы.

За апошнія тры гады беларуская дыяспара ў Вільні значна павялічылася. Адпаведна, вырас і попыт на навучанне на беларускай мове. Гімназія Францыска Скарыны не можа прыняць усіх ахвотных, і дзяцей перанакіроўваюць у іншыя, як правіла – рускамоўныя школы.

Бацькі адзначылі, што перамовы з мэрыяй Вільні ўжо пачаліся – і падкрэслілі: станоўчае вырашэнне пытання дазволіць дзецям не толькі вучыцца на роднай мове, але і забяспечыць ім эфектыўную інтэграцыю ў літоўскае грамадства. Таксама ініцыятыва дасць магчымасць беларускім школьнікам атрымаць высакаякасную адукацыю і выхаванне, заснаваныя на дэмакратычных еўрапейскіх каштоўнасцях.

Аднак улады горада не могуць дакладна ацаніць попыт на беларускамоўнае навучанне, і таму мы звяртаемся да бацькоў беларускамоўных дзетак: вы можаце падаць свае заяўкі праз афіцыйны сайт гарадскіх уладаў. Як гэта зрабіць, можна дазнацца па спасылцы.