Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

​​Шаноўныя сябры і сяброўкі! Шчыра кажучы, рабіць гэты зварот | Барометр рэвалюцыі

​​Шаноўныя сябры і сяброўкі!

Шчыра кажучы, рабіць гэты зварот да вас нам даволі цяжка, бо ён пра тое, што мы спыняем кампанію "Свежы вецер".

За мінулы час у нашай краіне змянілася багата розных абставінаў, якія так ці інакш паўплывалі і на нас таксама. А ўлічваючы, што мы заўжды з вамі былі шчырымі ў камунікацыі, то мусім шчыра распавесці пра прычыны спынення кампаніі і пра яе поспехі ды няўдачы.

Нагадаем, што кампанія "Свежы вецер" паўстала напачатку верасня 2019 года як рэакцыя на актывізацыю Расейскай Федэрацыі і ўладных колаў Беларусі ў пытанні г.зв. "паглыбленнай інтэграцыі". Ініцыятарамі кампаніі выступілі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч ды грамадскі дзеяч Сяргей Бульба (Чыслаў). Галоўнымі каштоўнасцямі кампаніі былі і застаюцца для ўсіх яе актывістаў — незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

Першапачатковая задача кампаніі палягала ў тым, каб як мага большая колькасць беларускіх грамадзян выказалася ў падтрымку і абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Каб голас беларусаў і беларусак загучаў мацней у адным, каб было выразна пазначанае нашае памкненне жыць у сваім уласным доме — у сваёй дзяржаве. І ў гэтым мы дамагліся добрых вынікаў: тысячы і тысячы людзей у інтэрв’ю, праз публічныя мерапрыемствы ды ў сацыяльных сетках выказаліся супраць планаванага аншлюсу. Гэтае пытанне востра паўстала на палітычным узроўні: міністрам прыходзілася выкручвацца і заспакойваць беларускі народ, палітычня сілы, што існавалі на той момант, таксама прыядналіся да пратэсту, грамадскасць абудзілася. А па выніках гэтыя дзеянні выявіліся і ў канкрэтных паказчыках сацыялагічных даследаванняў адносна стаўлення беларусаў да пагрозы "інтэграцыі" Беларусі ў склад Расеі на момант снежня 2019 года. Цяжка пералічыць усіх людзей і ўсе справы, што былі тады зробленыя: тэрабайты відэа інтэрв'ю, дзесяткі публічных акцый, тысячы зваротаў да міністэрстваў, судовыя цяжбы з Міністэрствам эканомікі, праца ў сацяльных сетках і г.д. Узгадаць хоць бы шматлікія акцыі, што ладзіліся актывістамі кампаніі, і адной з самых заўважных стаў "жывы ланцуг" на праспекце Незалежнасці ў Мінску, што адбыўся 7 снежня 2019 года. Потым цягам часу мы пабачылі, як гэты фармат акцый прыжыўся падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

Мы крытыкавалі "праймерыз", што спрабавалі зладзіць прадстаўнікі старых апазіцыйных колаў. Выступалі за ідэю дэлегітымацыі "выбараў" шляхам байкоту, але прайгралі ў гэтых спрэчках. Бо з’явіліся зусім іншыя на той момант палітычня суб’екты і асобы, якія зрабілі неверагоднае — тое, пра што мала хто ў сучаснай Беларусі дагэтуль увогуле мог падумаць. І мы прыядналіся да агульнанацыянальнага паўстання.

Пасля 9 жніўня 2020 года ў кожнага і кожнай з нас карціна свету змянілася. Змяніліся і мы — кожны і кожная з нас, актывісты "Свежага ветру", пачалі займацца тым, чым маглі дапамагчы ў агульным рушанні, што было проста побач: дапамагалі людзям, удзельнічалі ў пратэстах, кансультавалі, вынаходзілі новыя інструменты ціску на рэжым. Мы засталіся добрымі сябрамі, але як асобная кампанія, можна сказаць, што скончылі свой шлях.

Пытанне захавання незалежнасці нашай Бацькаўшчыны стаіць напэўна так жа востра, як стаяла пытанне яе здабыцця на самым пачатку 1990-х годоў. І здавалася б лагічным нам працягваць і актывізавацца ў цяперашні момант. Але цягам часу, уступіўшы ў камунікацыю з новымі лідарамі беларускай палітыкі, мы ўпэніліся, што каштоўнасць незалежнасці прысутнічае практычна ва ўсіх з іх, ды і людзі, якія былі з намі, нікуды не дзеліся — працуюць дзеля лепшай будучыні нашай краіны і на карысць яе незалежнасці. Таму, лічым, нічога дрэннага ў тым, што гэтая нашая асобная грамадская кампанія спыняе сваё існаванне, няма.

Беларуская рэвалюцыя як вада. А мы сталі яе струменямі і рухаемся ў агульнай плыні дэцэнтралізаванага рэчышча.

Жыве Беларусь!

#незалежнасць