2020-12-29 18:37:26
МАЛІТВА L
Пачуй, Гасподзь, малітву ліберала,
Пакуль каменты шчэ закрытыя пад ёй,
Пакуль нясуць бензін і падаюць забралы,
І рэшткі смутку спакушае алкаголь.
Пачуй, гасподзь, малітву ліберала,
Пакуль unmute націснуць сілы ёсць,
Пакуль душа жыве не па лекалах
І дараваць магу чужую злосць.
За пракурораў і нявінна вінаватых,
За змагароў і ціхароў ў адным радку,
За вату з вышыватай па вакзалах –
Адзін вагон на ўсіх, адзін мактуб.
За шлях кароткі ад прэс-клуба да прэсхаты,
За кансерватараў і за лгбт,
За тых, хто па франтах матляецца заўзята
Старых і маладых, нябачных і гэдэ.
За тых, хто цвердаруч накрэмзаў пастанову,
Куратару на лецішча хто падагнаў адкат,
За мовы ўсіх народаў з кавай і нанова,
За ўнутраны Берлін і знешні Сталінград.
За ранішніх барыгаў, начных мянтоў-забойцаў
І п’яных і не вельмі, з баблом ці без надзей,
За ўсіх лаўрэатаў усіх прэмій усіх гедройцаў,
Сяброў усіх саюзаў, паненак і блядзей.
Тых, хто чытае тору, тых, хто кідае зігу,
“Дык як жа нам маліцца?”, – спяваюць блазны тут.
І я, таксама блазан, і я, такі ж барыга
Адзін гуманітарны ведаю маршрут.
За тых, хто лічыць долі, за тых хто любіць грамы
Я многа не прашу – без мукаў каб фінал,
За кожнага з тых двух, хто думае пра маму
Па розныя бакі ад аднаго ствала.
Пачуй, Гасподзь, малітву ліберала…
3.12.2016 м.н.с.к.
55 views15:37