Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Дзень роднай мовы 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень | МГЛУ за Свабоду

Дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Беларуская мова - гістарычная мова беларускага насельніцтва, пад якую заточаная свядомасць кожнага беларуса. Яе гісторыя з'яўляецца важнай часткай гісторыі беларускага народа.

Як усё пачыналася?
Беларуская мова ўзнікла з усходнеславянскіх гаворак, якія ў сваю чаргу паходзяць ад праславянскай мовы, і нават на цяперашні дзень захоўвае шмат архаічных элементаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі даследавання мовазнаўцаў.

13-14 стагоддзі. Менавіта гэтымі стагоддзямі датуюцца першыя пісьмовыя крыніцы старабеларускай мовы.

14 стагоддзе. Пры Альгердзе (тым самым, што Маскву хістаў і Крэмль трос) старабеларуская мова становіцца дзяржаўнай.

У час ВКЛ наша мова перажывае перыяд росквіту і магутнасці.
На ёй былі складзены такія дакументы як Статуты ВКЛ. Яны былі нашай першай Канстытуцыяй, якая стала прыкладам для заканадаўчых дакументаў іншых краін Еўропы.
У гэты час на беларускай мове актыўна пішуцца летапісы, мемуары, паэмы.

16 стагоддзе. У Рэчы Паспалітай дзяржаўнай мовай становіцца польская. Беларуская літаратурная мова ў заняпадзе, але дыялектная мова развіваецца і набывае новыя яскравыя рысы. З'яўляецца лацінка, якую актыўна будуць выкарыстоўваць літаратары ў 19 стагоддзі. А таксама з'явіліся кітабы - свяшчэнныя тэксты, напісаныя па-беларуску арабскай вяззю. То бок, наша мова мае тры графічныя сістэмы!

1517 год. Першадрукар Францыск Скарына адаптуе Біблію пад беларускага чытача, дадае туды беларускую лексіку.

18 стагоддзе. Беларускія землі ўваходзяць у склад Расійскай Імперыі, праводзіцца палітыка русіфікацыі, наша родная мова сыходзіць з афіцыйнага ўжытку.

19-20 стагоддзі. Пашыраецца нацыянальна-вызваленчы рух. Пісьменнікі пішуць па-беларуску, друкуюцца навуковыя даследаванні, звязаныя з мовай. Адкрываюцца беларускія выданні: "Наша доля", "Наша Ніва". Беларускія часопісы пястраць славутымі імёнамі, такімі як Колас, Купала, Цётка і іншымі.
1918 год. Абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, беларуская мова становіцца дзяржаўнай. У свет выходзіць школьная граматыка Тарашкевіча.

1920-я гады. Праз агульную палітыку каранізацыі ў БССР адбываецца беларусізацыя і беларуская мова пачынае абрастаць такімі неабходнымі атрыбутамі як слоўнікі (перакладныя і слоўнікі навуковых тэрмінаў).

1930-я гады. Пачынаюцца сталінскія рэпрэсіі і зачысткі беларускай інтэлігенцыі. Сотні пісьменьнікаў, навукоўцаў, выкладчыкаў былі забітыя або закатаваныя ў лагерах.

Беларуская мова адыходзіць на другі план, руская прасочваецца ва ўсе сферы жыцця грамадства. У 1933 змяняецца правапіс, моцна наблізіўшы беларускую да рускай.

1990 год. Закон аб мовах замацаваў за беларускай мовай статус адзінай дзяржаўнай.

1995 год. Праводзіцца "рэферэндум", па "выніках" якога руская мова становіцца другой дзяржаўнай. Наступствы не прымусілі нас чакаць. У тым жа 1995 годзе больш за 100 школаў былі пераведзеныя на рускую мову навучання.

2022 год. Наша мова прайшла ўсе выпрабаванні гісторыі. Яе будучыня залежыць ад нас. Толькі народ вечны і толькі нам вырашаць, як жыць далей.

Захоўвайце спакой і размаўляйце па-беларуску. Жыве Беларусь!