2021-12-10 13:38:19
Як павіншаваць палітзняволеных вясноўцаў з Днём правоў чалавека?
Сёння, 10 снежня, адзначаецца
Міжнародны дзень правоў чалавека. Нашыя палітзняволеныя калегі дагэтуль застаюцца ў СІЗА за сваю мірную місію і прыхільнасць правам чалавека. Распавядаем, як можна павіншаваць праваабаронцаў-вясноўцаў з іх святам:
Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці; ініцыятыву “Вклеточку” і письмо.бел
Падтрымаць палітзняволеных “вясноўцаў” можна па адрасам:
— СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (
Аляксандр Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марыя Рабкова, Андрэй Чапюк)
— СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (
Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)
Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
Не менш значная падтрымка –
распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі!
Падпішы петыцыю за вызваленне “вясноўцаў”!
17 верасня (у гадавіну затрымання Марфы Рабковай) мы запусцілі міжнародную кампанію ў падтрымку зняволеных “вясноўцаў” –
#FreeViasna, у межах якой заклікаем далучацца да
акцыяў салідарнасці па ўсім свеце.
Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
Можаце зрабіць
грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі. У СІЗА-1 даслаць грашовы перавод можна толькі праз пошту, а вось у СІЗА-3 Леаніду Судаленку і Таццяны Ласіцы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. Вось дадзеныя:
СІЗА-3, ГомельУНП: 490313877код BIC: BAPBBY2XIBAN: BY31BAPB36429000005630000000Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.orgХраналогія пераследу "Вясны" bit.ly/3dCZgxc
198 views10:38