Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Пяць любімых беларускіх альбомаў ад удзельніка NaviBand і аўта | ЛОНГПЛЕЙ

Пяць любімых беларускіх альбомаў ад удзельніка NaviBand і аўтара YouTube-канала «Лонгплей» Аляксандра Табольскага


Sang Sattawood «Tree». Напэўна, мой самы любімы беларускі альбом. Запісаны ў не вельмі прыдатных умовах, дзякуючы таленту ўдзельнікаў і асабліва Жэні Сухавея, ён вельмі моцна пагружае ў гаражную атмасферу.
Можна, канешне, уключыць душнілу і нагадаць асацыяцыі з The Dead Weather ды Ланай Дэль Рэй, але лепш проста слухаць ад пачатку да канца і атрымліваць асалоду.

Ляпис Трубецкой «Manifest». Калі рабіць максімальна аб’ектыўны рэйтынг, у складзе топ-10 лепшых альбомаў у гісторыі Беларусі больш за палову будзе ад Ляпісаў. У сваім рэйтынгу вызначу Manifest, таму што ў мае 18 з майго плэера яго мог выкінуць толькі Death Magnetic. І тое, не надоўга, бо занадта ён быў гучны.

Без Билета «Мечтатели». Музыка, ад якой пахне цёплым і бестурботным свежым паветрам нядаўняга мінулага. Вяртацца ў яго нібы не хочацца, але ад такога паветра ў найблiжэйшай будучыні не адмовіўся б. А яшчэ гэта лепшыя поп-тэксты ў беларускай музыкі.

Крама «Будзь разам з намi». Калi на зямлю падае дождж і абмывае мой твар, мне адразу хочацца ўключыць гэты альбом у фармаце «Greatest Hits». Песні, якія хочацца спяваць, і, што мне асабліва падабалася ў мае 16, гітарныя сола, якія хочацца спяваць.

N.R.M. «Тры Чарапахi». Нават калі б я моцна паспрабаваў пераацаніць ролю гэтай кружэлкі ў сваім жыцці, нічога б не атрымалася. Калі «Калыханка» Верасоў не гледзячы ні на што захавала ў маленькім Сашы беларуса, «Тры чарапахі» зрабілі з юнага Сашы беларуса свядомага.
Простыя ў лепшым сэнсе, але даволі цяжкія гітарныя рыфы, голас Лявона, які дакранаецца да кожнага нерва, дзіўна актуальныя як тады, так і зараз тэксты. Ну і канешне, галоўны песенны гімн у гісторыі Беларусі.

Бонус

Personal Depeche — беларускi трыб’ют-альбом з пачатку нулявых.
Можа і не ўсе працы там хочацца назваць якаснымі, але на той момант мяне гэта вельмі зачапіла і натхніла пазнаёміцца бліжэй з DM. Калі пераслухаў зараз, уразіла версія спявачкі Людмілы - ніколі не ўяўляў, што гэты радыё-гіт з таго часу насамрэч See You дэпешэй. І, дакладна, кавер на Freelove Кругловай у сэрцы назаўсёды.