Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

​Сёння ў Сашы Івуліна дзень народзінаў. Лісты палітвязням не з | Волка ноги кормят

​Сёння ў Сашы Івуліна дзень народзінаў. Лісты палітвязням не заўсёды даходзяць, а апошнім часам сілавікі і ўвогуле сталі не пускаць віншавальныя лісты і паштоўкі. Ну, ведаеце, каб ствараць у іх адчуванне, якое паліцыя думак так актыўна спрабуе ўбіць у галовы людзям: «Пра цябе ўсе забыліся, ты нікому не патрэбны».

Гэта, канечне, не так. Саша Івулін вельмі патрэбны нам усім. І мы ўсе вельмі чакаем яго. А гэты ліст не згубіцца – нават калі не дойдзе. Бо я апублікую яго тут.

«Прывітанне, Саша. У нашым каралеўстве крывых люстэрак ты аказаўся самым сумленным. Самым смелым. Самым паслядоўным. Гэта толькі здаецца, што не так ужо і складана ўзяць і сказаць праўду. Але вось не, паглядзі, што адбываецца ў Беларусі апошнія гады – дакладней, апошнія 28 гадоў.

Калі ўсе навокал казалі «ах, як шкада, што ў нас у Беларусі няма сваіх крутых шоу, у нас футбалісты наагул не зоркі», ты ўзяў і зрабіў сваё шоу. А футбалістаў – зоркамі, ролікі з якімі збіралі сотні тысячаў праглядаў. Нікому не цікавыя відэа не будуць збіраць столькі. Але справа ж не ў праглядах, не ў лайках, не ў лічбах.

Справа ў душы. Ты ўкладаў (і будзеш яшчэ ўкладаць, я ж ведаю) такую душу ў сваю творчасць, што ніводзін які-небудзь базанаў за год не ўкладзе столькі, колькі ты ў адзін ролік.

Зараз нічога такога няма ў нашым спорце. Няма каму падысці да Базанава і паспрабаваць падарыць яму маску падчас пандэміі. Няма каму хадзіць з маскай аквалангіста па «Мінск-Арэне», калі «Дынама» дасягнула дна ў КХЛ.

Памятаю, што ў адну з нашых з табой гутарак ты пажартаваў, што я вычварэнец – таму што я прыехаў на футбол у чарговае невялікае мястэчка. Але потым пагадзіўся, што па Беларусі было б класна павандраваць. І мы з табой абавязкова пакатаемся па нашай любімай краіне – па маленькіх ці вялікіх гарадах. Там усё яшчэ жыве футбол, якому не хапае цябе – чалавека, які робіць наш спорт лепшым.

А яшчэ памятаю, як ты калісьці марыў перад лёсаваннем Лігі чэмпіёнаў, каб у Барысаў прыехаў «Рэал». Я не магу зараз выцягнуць цябе на футбол – але магу зрабіць гэта хаця б сімвалічна.

З днём народзінаў, дарагі сябар. Спадзяюся, што мы ўжо хутка сустрэнемся».

Напішыце ліст, павіншуйце Сашу: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

@elloboviaja