Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

ЛАРЫСА ГЕНІЮШ Гэй, зьбірайцесь, крывіцкія дзеці пад народны, | ДАЖЫНКI

ЛАРЫСА ГЕНІЮШ

Гэй, зьбірайцесь, крывіцкія дзеці
пад народны, пад горды наш сьцяг!
Воля Краю нам зоркаю сьвеціць,
яго шчасьце — у нашых руках!

Мы за волю крывіцкіх прастораў,
мы за спадчыну нашых дзядоў
аддамо, каб насыціўся вораг,
жыцьцё наша і нашую кроў.

Але Краю, што Нёман галубіць,
гэтых сэрцаў, што воляй гараць, —
ўжо не будзе арол крывадзюбы
да крыві пазурамі зьдзіраць!

Нам ня страшны сыбірскі больш холад,
нам ня страшны маскаль або лях,
чужы серп непатрэбны, ні молат —
мы разгорнем крывіцкі наш сьцяг!

Нашы сэрцы гімн родны зайграюць!..
Адгукнецеся, сёлы, ў адказ!
Мы нясём жыцьцё наша для Краю,
мы нясём жыцьцё наша для вас!

Станем дружна ўсе брат каля брата,
абаронім Краіну грудзьмі,
воля будзе вялікай заплатай
за нягоды цяжкой барацьбы!