Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

'11.11.2020 года супрацоўнікі карных структур уламіліся да мян | Вольныя Баранавічы

"11.11.2020 года супрацоўнікі карных структур уламіліся да мяне ў кватэру, выламаўшы дзверы і праз балкон, разбіўшы шклопакеты. Паміж першым ударам у дзверы і тым, як і мяне павалілі на падлогу, прайшло не больш за 5-6 секунд. Я паспеў толькі зачыніць крышку ноўтбука і ўстаць. Я не аказваў супраціву. Тады супрацоўнікі ў ваеннай амуніцыі, як мяркую, САХРа, павалілі мяне на падлогу і зашпілілі кайданкі за спіной. Гэта адбылося прыблізна ў 22:20. Усяго ў кватэру ўварваліся сямёра супрацоўнікаў. Чацвёра ў цывільнай амуніцыі. Збіваць пачалі адразу, пытаючыся, дзе ў кватэры камеры відэаназірання. Потым яны пачалі агляд памяшкання, я гэта зразумеў па кроках. Што яны рабілі, я не бачыў, бо ляжаў тварам у падлогу. І за спробу паварушыцца мяне білі. Мяркую, што менавіта ў гэтыя хвіліны ў шафку на кухні паклалі "кактэйлі Молатава". Потым да мяне падышоў супрацоўнік, сеў побач на кукішкі і сказаў: "Ты ж разумееш, што ты з ШІЗА не выйдзеш?" Са стала адразу забралі мой тэлефон і сталі патрабаваць спачатку пароль ад яго. Я адмовіўся, тады мяне сталі біць кулакамі ў твар і патыліцу супрацоўнікі ў амуніцыі. Я стаў крычаць, тады адзін супрацоўнік узяў з канапы падушку і ўціснуў маю галаву ў яе. Я адчуў, што не магу дыхаць, і паспрабаваў пракрычаць, што скажу пароль. Але яны не чулі і яшчэ некаторы час трымалі маю галаву ў падушцы. Калі паднялі галаву, я сказаў, што мне трэба час, каб успомніць пароль, так як я забыўся яго ад стрэсу. Тады яны працягнулі біць, я ўспомніў пароль дзесьці праз хвіліну. Пасля таго, як я сказаў пароль, мяне паклалі тварам у падлогу і некаторы час не білі. Супрацоўнікі САХРа ў асноўным маўчалі, супрацоўнікі ГУБАЗа апускалі здзеклівыя каментары і абражалі. Як я зразумеў, іх мэтай было максімальна зламаць сілу волі і паралізаваць страх. Яны казалі: «Думаў, што ты у бяспечным месцы? Ты гаварыў, што ціск бывае псіхалагічны і фізічны. Сегодня мы цябе будем і псіхалагічна, і фізічна. Что, Мікола, думал зашифровался? Может тебя обосцать?» Супрацоўнік, апазнаны мной як Харэўскі ўзяў з тумбачкі маю банкаўскую картку, стаў тыкаць ёю мне ў твар і казаць: "Усё ў даход дзяржавы".

Большасць пагроз выказваў супрацоўнік, апазнаны мной пазней як Тарасік Іван Аляксандравіч: "Павязем цябе ў лес, распранемся і паглядзім, чым ты жанчын задавальняеш, ці ты можаш толькі мовай. Цяпер паедзем у гестапа, а там ты будзеш плакаць і ненавідзець сябе". Як я зразумеў "гестапа" называлі паміж сабой будынак на Рэвалюцыйнай, 3. Пры гэтым мяне няспынна абражалі і білі, бралі падушку і катавалі". - прамова Міколы Дзядка ў судзе 01.07.2021.