2021-03-25 23:24:20
Нават дарослыя не заўжды ведаюць, кім яны хочуць быць, калі вырастуць. Але свабода, каб гэта вырашыць, павінна быць у кожнага.
Напішу пра сябе. Вельмі доўга ў Беларусі мне здавалася, што цалкам дастаткова свабоды думкі, хай нават у несвабодным грамадстве. Прасвятленне наступіла ў 2013-м, калі я асабіста патрапіла пад каток сістэмы. Тады я даведалася шмат чаго: напрыклад, што суды першай інстанцыі ў сваіх рашэннях цалкам залежаць ад адміністрацый раёнаў, што за свабоду казаць і абараняць свае правы вам могуць пагражаць фізічным знішчэннем, але, галоўнае, што за любую свабоду даводзіцца плаціць здароўем, сямейным дабрабытам і, вядома, стабільнасцю. З таго часу я заўсёды памятаю пра сапраўдную цану. І пра тое, што свабода чалавека і яго самапавага могуць быць прадметам звычайнага гандлю, але правільна і сумленна, калі інакш.
За апошнія 8 месяцаў гора прыйшло ў многія беларускія сем'і - гора страт, пераследу і згубы веры. Але кожны, абсалютна кожны заплаціў сваю цану, каб нарэшце ўбачыць, чым адрозніваецца жыццё вольнага чалавека ад жыцця раба. Таму, ва ўсім гэтым болю ёсць сэнс. Таму што правільна і сумленна, калі інакш.
Жыве Беларусь!
856 views20:24