Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

У 'Банкаўскім весніку' выйшаў артыкул, закранаючы тэмы развіцц | Belarus_Finance

У "Банкаўскім весніку" выйшаў артыкул, закранаючы тэмы развіцця фінансавага рынку. Пракаментую дзве ключавыя прапановы:

1. Па-першае, Мінфіну прапаноўваецца нарэшце пачаць выпускаць аблігацыі ў беларускіх рублях.

Неабходнасць гэтага для развіцця фінансавага рынку цяжка аспрэчваць. Лепш позна, чым ніколі - і зараз (калі па запазычанасцям у іншаземнай валюце "тэхнічны дэфолт" ужо здарыўся) больш няма праблемы "курыцы і яйка", калі Мінфін не хацеў браць пазыкі ў рублях з-за таго што амаль 100% выплат па бягучаму доўгу - у валюце. З іншага боку, рынкавая стаўка па такім пазыкам будзе, верагодна, як мінімум блізкай да 20%.

2. Па-другое, прапаноўваецца актыўна развіваць рынак акцый. Прыводзіцца шмат плюсаў: гэта і зменшыць долю заёмнага капіталу дзяржаўных прадпрыемстваў, і зменшыць кошт капіталу, і паскорыць рост эканомікі, і дасць насельніцтву дадатковую магчымасць для абароны зберажэнняў ад інфляцыі.

Прапануецца паставіць мэту дасягнуць капіталізацыі рынку акцый аж у 30% ВУП. Прыводзяцца прыклады фондавых рынкаў Ірана (пра які я таксама пісаў) і Кітая.

Зноў жа, з гэтым усім цяжка спрачацца. Але тут ёсць два ключавых фактары, якія робяць рэалізацыю гэтай мэты малаверагоднай у бягучых умовах:

(а) Так, той жа Іран пад жорсткімі санкцыямі - але ні ў Іране, ні ў Кітае прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў не мае такой негатыўнай канатацыі, як у Беларусі. Плюс захаванне іх ва ўласнасці дзяржавы там не з’яўляецца настолькі прынцыповай і істотнай палітычнай пазіцыяй, якая транслюецца з самага верху, як гэта робіцца ў нас. Так, час ад часу пішуцца дакументы і артыкулы Нацбанку, Мініфіну і ураду пра яе істотнасць. Але якім глыбокім не быў бы ў нас эканамічны крызіс - недапушчэнне згублення поўнага кантролю над буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі (за вельмі рэдкімі выключэннямі) раз за разам аказваецца больш істотным за любыя іншыя фактары. Незразумела, чаму зараз сітуацыя павінна рэзка змяніцца.

(б) У адрозненні ад Ірана і Кітая Беларусь знаходзіцца ў шчыльным саюзе з краінамі, якія маюць у разы буйнейшыя эканомікі і больш развітыя фінансавыя рынкі. У такіх умовах даволі цяжка адначасова і інтэграваць фінансавыя рынкі, і пазбегнуць заняпаду свайго ўласнага рынку (які можа элементарна не вытрымаць канкурэнцыі). Ёсць краіны, якія паспяхова правялі прыватызацыю, але маюць фондавы рынак па ўзроўню развіцця супаставімы з Беларуссю (Славакія).

Таму ў нашым выпадку недастаткова мець жаданне (і нават палітычную волю) каб паспяхова развіваць свой фондавы рынак. Павінна існаваць стратэгічнае бачанне таго, як ён павінен выглядаць - і чаму кампаніі і інвестары будуць хацець прысутнічаць менавіта на ім, а не на рынках больш развітых суседзяў. Толькі патрыятызму і адміністратыўнага рэсурсу тут дакладна не хопіць.