Получи случайную криптовалюту за регистрацию!

Міністэрства фінансаў выпусціла прэс-рэліз 'інфармацыя для эмі | Belarus_Finance

Міністэрства фінансаў выпусціла прэс-рэліз "інфармацыя для эмітэнтаў аблігацый і інвестараў". Прэс-рэліз напісаны, вядома, бюракратычнай мовай. Вось мая інтэрпрэтацыя, спадзяюся, крыху больш простымі словамі:

1. Мінфін асцярагаецца хвалі дэфолтаў на беларускім унутраным рынку аблігацый.

2. Мінфін хоча гэтай хвалі пазбегнуць, таму нагадвае эмітэнтам і інвестарам, як можна дамовіцца паміж сабой, каб пазбегнуць дэфолту.

3. Мінфін нагадвае пра тры магчымыя механізмы, як эмітэнты і інвестары могуць дамовіцца паміж сабой і пазбегнуць дэфолту, нават калі эмітэнт абавязкі па бягучых выпусках аблігацый выконваць не можа:

а) Рэфінансаванне - эмітэнт выпускае новыя аблігацыі, каб заплаціць па старых (або, як апісана Мінфінам, проста канвертуе стары выпуск у новы на новых умовах).

б) Рэструктурызацыя - інвестары пагаджаюцца, што эмітэнт будзе плаціць па аблігацыях менш і/або пазней, ніж было абяцана.

в) Канвертацыя ў акцыі - інвестары атрымоўваюць акцыі прадпрыемства замест аблігацый і становяцца яго ўласнікамі (як мінімум часткова).

Безумоўна, гэта нармальна, што Мінфін пра гэта нагадвае, і ўсё гэта - агульнапрынятыя механізмы вырашэння праблемаў неплацежаздольнасці эмітэнтаў ў намаганні пазбегнуць дэфолту. Аднак я лічу істотным прагаварыць, якія канкрэтныя наступствы гэтыя механізмы могуць мець для інвестараў:

1. У выпадку рэфінансавання інвестар не губляе нічога толькі калі новыя аблігацыі эмітаваныя пад рынкавую стаўку (якая зараз, вядома, значна вышэйшая для ўсіх). Пры рэфінансавнні пад тую ж стаўку інвестар губляе, бо ў яго застаецца тая ж даходнасць, але моцна выраслі рызыкі (уключаючы рызыку множнасці валютных курсаў).

2. У выпадку рэструктурызацыі на руках у інвестара таксама застаецца нашмат больш рызыкоўны актыў, але ён яшчэ і значна прайграе ў даходнасці (бо выплаты цяпер пазней і/або меншыя).

3. У выпадку канвертацыі ў акцыі на руках у інвестара застаецца, зноў жа, нашмат больш рызыкоўны актыў (цяпер акцыі), які вельмі верагодна нічога не будзе каштаваць (ці будзе каштаваць вельмі мала), як мінімум малаліквідны ў беларускіх умовах, без аніякіх абавязкаў з боку эмітэнта рабіць выплаты, плюс інвестарам прыйдзецца выдаткоўваць час і грошы на кіраванне прадпрыемствам.

Як бачыце, інвестар прайграе ва ўсіх выпадках, хаця, магчыма, і менш, ніж пры імгенным банкруцтве эмітэнта.

Нейкай арыгінальнай высновы тут не зрабіць, акрамя хіба нагадаць яшчэ раз, што карпаратыўныя аблігацыі (асабліва ў Беларусі) - гэта вельмі рызыкоўная інвестыцыя, і для інвестара істотна максімальна дыверсіфікавацца не толькі па эмітэнтах, але і класах актываў і, вядома, геаграфічна.