2021-12-12 13:49:44
Навіны пра Мікіту Емяльянава
Не прайшло і тыдня з мінулай адседкі ў карцары, як Мікіту зноў памясьцілі ў карцар. 17 лістапада Мікіта атрымаў 10 содняў за тое, што адмовіўся выканаць патрабаваньне адміністрацыі прыбраць дворык для шпацыру.
Згодна з пунктам 57.6 Пастановы МУС Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2000 N 174 "Аб зацьверджаньні Правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў" асуджаныя абавязаны ўтрымліваць у чыстаце жылыя памяшканьні і працоўныя месцы. Абавязку прыбіраць двор для шпацыру ў Правілах унутранага распарадку няма.
Таксама, згодна з пунктам 334 Правілаў, які рэгламентуе асаблівасьці выкарыстоўваньня працы асуджаных у турмах, асуджаных забараняецца прыцягваць да працы па гаспадарчаму абслугоўваньню.
Пры неабходнасьці можна прыцягваць асуджаных да рамонтна-будаўнічых работ. Такім чынам, патрабаваньне адміністрацыі прыбраць двор не было законным. Мікіта адмовіўся прыбіраць шпацырны двор.
За тое, што ляжаў на падлозе ў карцары дадалі яшчэ 10 содняў. А дзе ж яшчэ чалавеку прылегчы ў гэтым памяшканьні, дзе днём ложак прысоўваецца да сьцяны?
З 17 лістапада Мікіта заўважыў, што зь ежай у турме пачаліся праблемы - порцыі зрабілі меншымі, той ежы не хапала, каб наесьціся. Мікіта папрасіў паболей ежы і атрымаў адмову. На знак пратэсту Мікіта аб’явіў галадаваньне. Анічога ня еў пяць з паловай дзён, прыкладна з 2 па 7 сьнежня. 7 сьнежня ўжо павячэраў, але порцыі дагэтуль маленькія.
7 сьнежня Мікіту дадалі яшчэ 10 содняў за міжкамерную сувязь. Мікіта знаходзіцца ў карцары 25 дзён, 17 сьнежня ён мусіць выйсьці з карцару, калі адбудзе 30 дзён.
#Free_Emelianov
29 views10:49